?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

“Дзень Безквітоўніка”

Як ужо сталася традыцыяй, 10 лістапада, на Дзень народзінаў Віталя Артыста, ён разам са сваім гуртом beZ bileta, запрашае ўсіх на святкаванне “Дня Безквітоўніка”. У гэтым годзе святкаванне праходзіла ў клюбе “РЭАКТАР”. У якасці гасцей быў гурт HAIR PEACE SALON і ўсе хто жадаў павіншаваць Віталя.

Канцэрту папярэднічала рэкламная кампанія амаль ва ўсіх СМІ, у тым ліку ў эфіры “АЎТАРАДЫЁ”, на старонках нэт-рэсурсаў XLAM.of.by, MUSIC.TUT.by ды шматлікіх іншых. Пад час канцэрту ў памяшканні клуба было бачна шмат фотарэпарцёраў, ну зразумела здымкі вёў “1 МУЗЫЧНЫ”.

beZ bileta і HAIR PEACE SALON ужо не першы раз граюць на адной сцэне. Гэтым летам яны, ды яшчэ гурт JITTERS, ездзілі ў Польшу на “Fiesta Borealis 2006”, які прайшоў у рамках традыцыйнага фэстывалю «Przystanek» ў горадзе Олецко. Пад час выступу beZ bileta, Віталь Артыст запрасіў музыкаў HAIR PEACE SALON і JITTERS на сцэну, каб усім разам выканаць “Мая Краіна Беларусь”, ды дырыжаваў скокамі і спевамі музыкаў. Палякам такі дружны выступ прыйшоўся вельмі да спадобы і яны аддалі музыкам спецыяльны прыз прэсы.

У “РЭАКТАРЫ” HAIR PEACE SALON выканалі шэсць песень у сваім асабістым стылі brit/post-grunge. Дыхтоўная сумесь яркіх, запамінальных гітарных пройгышаў, атачаючых даверлівы шэпат, ды жорсткіх драйвовых выбухаў рытм секцыі, на чале з моцным пераліўным вакалам. Прыемна, што былі розныя па настрою песні. Калі адна падгружала ў смутныя разважанні, то іншая давала шанец ды падхоплівала з мелянхоліі. Ды адчуваўся прыкольны кантраст паміж глабальнымі дзеямі ў буйна-эмацыйнай музыцы і самімі хлопцамі, якія скончыўшы граць песню, пачыналі неяк сціпла саромецца, ды ціха-ціха абвяшчаць наступную. З чаго забаўляліся нейкія дзеўчыны побач са мной. Асабліва яны развесяліліся, калі вакаліст HAIR PEACE SALON, запрашаючы ўсіх наведаць сайт гурта, забыўся назваць адрас. J

  

Адыграўшы, HAIR PEACE SALON засталіся ў клюбе слухаць выступ beZ bileta. Судзячы па танцах іх бубняша, хлопцам падабаўся канцэрт.

Покуль на сцэне ішла падрыхтоўка да выступу beZ bileta, гучала музыка для спэктакляў тэатра “ІНЖЭСТ”, напісаная Віталём Артыстам. Праз некаторы час на сцэне з’явіліся beZ bileta, але без Віталя. Гітарыст прапанаваў слухачам паклікаць яго, нібыта Дзеда Мароза. Усе разам клікалі, клікалі. Ды той з’явіўся, але вычакаўшы пэўны час пакуль народ увойдзе ў азарт. Сустрэлі яго вельмі бурна.

  

Пачаўся канцэрт з песень з альбому “НАРИСОВАНА”. Паміж песень на сцэну падымаліся госьці з падарункамі, ды віншавалі Віталя з Днём народзінаў, а ўсіх прысутных з “Днём Безквітоўніка”. З падарункаў запамяталася вялікая расцяжка, на якой былі надрукаваны некалькі сотняў маленькіх фотаздымкаў гурта, а паўзверх па іх намалёван вялікі лягатып гурта. Прыкметна здзівіла ды расчуліла Віталя падароная яму кветка. Так сама на канцэрце выступілі пераможцы конкурсу на лепшы слухацкі кавер песні beZ bileta. Яны сыгралі “Мая Краіна Беларусь” у стылі фламенка пры падтрымцы музыкаў гурта. (А ў гэты час, да левага боку сцэны, дзе граў басіст, амаль безупынна цягнуліся дзеўчыны. Яны гукалі яго, калі ён паварочваўся - фоціліся з ім, ды са шчаслівым віскам тут жа праглядалі фоты.) J

Віталь умела дырыжаваў гуртом ды слухачамі. Па чарзе даючы каманды адным ня граць а другім пець, то граць і пець і тым і другім. То усім скакаць, то пляскаць у далоні, то і скакаць, і пляскаць, і пець. Ды яму самому відавочна падабалася ўся гэтая дзея, бо ён так гоцкаў, што здавалася, вось-вось ён прыскокне трохі мацней ды праломіць сцэну, як у Берліне. Ці наадварот – падскочыць і паімчыць лятаць над усімі па клюбе.

Потым гучалі песні з альбому “На Неба”. На заканчэнне beZ bileta выканалі песні з максі-сынглу “Поправка 22”. Кульмінацыяй канцэрту было выкананне візітнай карткі гурта – песні “Мая Краіна Беларусь”. Яе пеў увесь клуб. Скончылася яна эйфарычным імправізацыйным сола на флейце, у выкананні Павала Кудрына.

У завяршэнне канцэрта, Віталь парадаваў чарговай рэжысёрскай задумкай. Пад час гучання апошняй песні, музыкі па чарзе пераставалі граць і сыходзілі са сцэны. Неўзабаве ён застаўся на сцэне ў адзіноце. Падобна было на тое, як у тэлегульне “Апошні Герой”, прыходзілася развітацца па аднаму з тымі хто табе падабаецца, каго нейкія дужасці вырываюць з кампаніі. 

  

Такім чынам Віталь вымусіў востра адчуць адсутнасць кожнага з музыкаў, вымусіў адчуць маўчанне амаль пустой сцэны, ды зразумець – дзякуючы каму тут было так прыемна. Падавалася, што вось-вось і сам ён сыйдзе. Але раптам ён абвясціў, што музыкі забыліся развітацца, ды выклікаў усіх на сцэну ізноўку. Ура! Колькі радасці было ў клюбе! Дружна абняўшыся,
beZ bileta пакланіліся слухачам, ды сыйшлі, зараз ужо напраўду. Але тут у сцэнарый ўмяшаліся слухачы, яны не перастаючы пляскалі ў далоні на таго моманту, пакуль beZ bileta не выйшлі на сцэну ізноўку, ды не спелі яшчэ адну песню на біс.

Адразу ж пасля канцэрту Віталь Артыст паехаў у Маскву разам з тэатрам “Інжэст”.

Ну і на заканчэнне: вялізны натоўп перад дзвярыма клюба, дбайны ператрус на уваходзе, PR-акцыя перад канцэртам, вялікая колькасць журналістаў – усё сведчыла аб “зорным” статусу гурта. Ды музыкі пацвердзілі гэта сваім прафесійным музікаваннем, толькі можа вакал пару-тройку разоў падпаў пад сумнеў. Затое Віталь канчаткова пераканаў у сваіх рэжысёрскіх здольнасцях, ды здольнасцях мастацкага кіраўніка beZ bileta. Вялізны плюс яму яшчэ за тое, што запрасіў на канцэрт гурт HAIR PEACE SALON. Вельмі прыемна было пачуць іх на такім файным гуку. Урэшце я ўчуў усе падрабязнасці іх музыцы і ўсе словы, ды нават зразумеў як ў ідэале яна павінна гучаць. Дарэчы гук быў вельмі годны, арганізатарам ды гукааператару цісну руку! Клюбу дзякуй за карэктную ахову, ды за тое што не было напалена.

 

ЗЫ: beZ bileta канчаткова адыйшлі ад альтэрнатыўна-рокавага гучання (нават ня кажучы аб фольк-року). Накіраваліся ў бок расейскага шоў-біза, старанна упісваючыся ў фармат поп-рокавага мэйнстрыму. Такім чынам, “расейскія піранні” канчаткова паадкусвалі ў гурта rock-n-roll ды нацыянальныя прыкметы. Неяк нечакана, ды нават сіратліва гучала на гэтым канцэрце “Мая Краіна Беларусь”.

 

Comments

( 1 comment — Leave a comment )
one_pelican
Nov. 18th, 2006 12:47 pm (UTC)
спасибо.
( 1 comment — Leave a comment )

Latest Month

July 2011
S M T W T F S
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31