?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

PICK-ME-UP

У клюбе “ЁЁ” 25 кастрычніка JITTERS прэзэнтавалі сінгл “PICK-ME-UP”. У канцэрце бралі ўдзел сябры ды запрошаныя госці: HAIR PEACE SALON, ROSARY, PORT MONE. Інфармацыйная падтрымка: інтэрнэт рэсурсы XLAM.of.by, MUSIC.TUT.by.

 

JITTERS быў заснаваны

ў 1998 годзе, калі трое школьных сяброў Кастусь Карманн, Сяржук Кандраценка і Яўген Вяль, натхнёныя NIRVANA, PEARL JAM, ALICE IN CHAINS, SOUNDGARDEN ды SMASHING PUMPKINS вырашылі набыць гітары, бубны і навучыцца граць рок. Амаль як у любога гурта, за такі доўгі час неаднаразова змяніўся склад, але першапачатковы музычны напрамак яны захавалі. Першы выступ адбыўся ў 1999 годзе ў клюбе “АЛЬТЕРНАТИВА”. Праз два гады гурт стаў адным з ляўрэатаў фэстывалю “РОК-КОЛА”. Недахопы выканаўчага майстэрства кампенсавалі энергетыкай: ірвалі струны, бубновыя пластыкі ды ламалі ўшчэнт жалеза. Памятны іх выступ на гарадскім свяце ў 2002-м: сцэна на праспекце Скарыны насупраць КДБ і громка-громка ў іх вокны - Pick-Me-Up (спадзяюся перакладаць не трэба J). У тым жа годзе з'язджае за акіян іх drum-маньяк Яўген Вяль, а Кастусь у гэты час стаў граць на басу ў гурце МАРКИ.

Але праз паўгады JITTERS зноўку сабраліся, ужо ўчацвярых: Кастусь Карманн, Сяржук Кандраценка, Алег Вяль, Артур Лучкоў (абодва апошнія не перастаючы граць у HAIR PEACE SALON). Дзякуючы Алегу ды Артуру гучанне гурта істотна змянілася. У чэрвені 2004 на фэсце “МУЗЫКА БЕЗ МЕЖАЎ” у Эстоніі атрымалі першы прыз у намінацыі “РОК-МУЗЫКА”. У тым жа годзе бралі удзел у вольнай сцэне “БАСОВІШЧА”. У 2005 Алега на гітары змяніў Іван Барзенка, які да гэтага граў у гуртах ROSARY, PAPARIS, ПО ГЛАЗАМ. Артура гэтай восенню змяніў на бубнах Павал Кудрын, які ўжо знаёмы слухачам па гуртах ROSARY, PORT MONE, USPLЁSK, PAPARIS, КРАМБАМБУЛЯ, БЕЗ БИЛЕТА.

2006 год – самы плённы год у гісторыі гурта: частыя клюбная выступы, фінал фэсту “NAVARRA UNDERGROUND”, песня увайшла ў promo-зборнік у Штатах. З’ездзілі ў польскi Хорзув на фэст “ROCK BEZ IGLY” разам з HAIR PEACE SALON, ізноўку ў Польшчу на “FIESTA BOREALIS” у Алецко разам з HAIR PEACE SALON і БЕЗ БІЛЕТА. Запісалі сінгл “PICK-ME-UP”.

Зараз хлопцы граюць brit/post-grunge, калі можна так “абазваць” іх музыку. Дарэчы, самі яны лічаць, што граюць у сваім асабістым стылі. Цяперашні склад гурта такі: Кастусь Карманн (вакал, бас), Іван Барзенка (сола-гітара, бэк-вакал, клавішныя), Сяржук Кандраценка (гітара), Павал Кудрын (бубны).

 

Прэвентацыю ў клюбе “ЁЁ” вёў смешны пэрсанаж па мянушцы БІТЛ, а распачаць яе арганізатары даручылі вялікім сябрам JITTERS - гурту HAIR PEACE SALON. На гэтым канцэрце першаму гурту не было неабходнасці разгойдваць натоўп, як гэта адбываецца звычайна. Ужо адно толькі з’яўленне на сцэне гэтых хлопцаў выклікала авацыі. Слухачы ледзь дачакаліся выхаду сваіх улюбёнцаў.
  

HAIR PEACE SALON пачалі з душэўнай прадмовы, у якой прызналіся ў даўняй сяброўскай любові да JITTERS. Сказалі некалькі кранальных слоў, якімі наладзілі ў залі добрую атмасфэру (дарэчы хлапцы заўсёды памятаюць аб нагодах, з якіх ладзяцца канцэрты). Гралі яны свой melody-post-grunge вельмі эмацыйна, самазабыўна, ды адчувалася, што для HAIR PEACE SALON гэта не проста шераговы канцэрт, а магчымасць публічна выказаць сваё захапленне гуртам JITTERS. Хлопцаў прыкметна торкала граць “тут і зараз”! Народ таксама завёўся, ды патрабаваў граць яшчэ, ды яшчэ!

Выступ гурта адсняў “1 МУЗЫЧНЫ”, а пасля выступу хлопцаў уцягнула ў чыл-аут дзеўчына з “CDMAG” каб узяць інтэрв’ю.

 

Наступнымі былі ROSARY. Гады два таму, яны сур’ёзна каламуцілі розумы аматараў brit напрамку мінскай альтэрнатыўнай сцэны. Ды пакінулі ў іх сэрцах сур’ёзны прабел пасля свайго знікнення. Але, спецыяльна для гэтага канцэрту, дзякуючы намаганням Івана Барзенка, яны зноўку сабраліся.
  
Выступ распачаў са сваіх сольных нумароў вакаліст ROSARY Андрэй Козік. Ён паказаў выдатную музыку: стрымана-адхіленую, халодна-дэпрэсіўную, якая выводзіць слухача ў бязмежны космас абсалютна чыстага успрымання.

Затым, на сцэну выйшлі астатнія удзельнікі ROSARY. Але, не спяшаючыся граць, хлопцы стаялі на сцэне апусціўшы вочы. Граў ды спяваў толькі Андрэй. Інтрыгуючы, астатнія чакалі толькі ім адным вядомага моманту. Нагняталі атмасфэру прысутнічая на сцэне з маўклівымі інструмэнтамі. А калі яны зайгралі, то склалася уражанне, што папросту загучала прастора, пакінутая некранутай гукам клявішаў ды вакала.

Вельмі дакладна прапрацаваныя аранжыроўкі. Без пытанняў! Другі нумар, сыграны ROSARY у поўным складзе, сваёй узнёсла-моцнай post-rock канцоўкай, беззваротна перакінуў усіх слухачоў да ўсведамлення сусветнай гармоніі.





  

 

Наступнымі на сцэне з’явіліся PORT MONE. Складана ўявіць сабе болей падыходзячы, і адначасова не падыходзячы калектыў для гэтага канцэрту. Здавалася, што яны са сваім acoustic/louge ну ні якім чынам не ўпісваюцца ў агульную стылістыку канцэрту. Але пры тым, невядома які гурт лепш падыйшоў бы для выступу менавіта ў той момант, пасля ROSARY. Так апынулася, што гэтыя два гурты вельмі блізкія па духу музікавання. Хаця матэрыял PORT MONE стылістычна зусім іншы, тым лепш ён падыйшоў да моманту. Бо заўсёды значна лепей разумеецца нейкая думка, калі яе вобразна перадаць некалькімі зусім рознымі прыёмамі.
  
Пасля таго, як ROSARY вывялі розум усіх у адкрыты космас, PORT MONE, падхапіўшы думку, павялі залю за сабой далей ... і далей ... Ідучы следам за усмешкай акардэаніста, пад пільным позіркам бубнача, слухач, пераступаючы па басовай лініі даў весці сабе ўсё далей ... і далей ... Пад мэдытатыўна мігчачае святло акардэону, ды пульсавалы барабан, пераходзілі ад адной чароўнай басовай мелодыі, да іншага разгалістага перабору, ды далей ... далей ... да JITTERS.

 

А вось і яны – JITTERS, сціплая ды чароўныя.
    

Гурт выканаў песні, якія запісаны на іх PROMO 2005 з удзелам музыкаў HAIR PEACE SALON, але ўжо трохі пераасэнсавана. Ды канешне сыгралі песні з прэзентуемага сінглу “PICK-ME-UP”. Загалоўная песня кружэлкі “Pick-Me-Up” была пададзеная як песня аб чалавеку, які марыў здымаць фільмы-катастрофы, ды гэта яго ўзбуджвала. Наступная “Knock-you-down” была аб чалавеку, які марыў забіць таго чалавека, які здымаў фільмы-катастрофы – сiквэл аб празе славы. Далей і таго горш, але хай хлопцы на наступным канцэрце самі распавядаюць чым там усё скончылася. :)))
  

Дарэчы, ўсе песні былі насычаныя нейкімі новымі фішкамі. У “Dint” хлапцы вельмі файна працытавалі PRODIGY. Ну і, канешне, прагучала некалькі новых тэм. Музыка па гучанню, майстэрству выканання, ды па прапрацоўцы матэрыялу стала вельмі выразнаю, не страціўшы свайго напору. Зараз ужо не засталося аніякай дылетанцкай наіўнасці, ды спрэчных кампазыцыйных момантаў. Калі раней гурты JITTERS ды HAIR PEACE SALON успрымаліся як браты-блізняты, па падабенству музыцы ды гучання, то зараз гэта ўжо два абсалютна самастойныя моцныя гурты. Адчувальны адрозненні ў стылёвым аздабленні песняў, ды ў напрамках у якіх рухаюцца гурты. 

Свой выступ JITTERS скончылі неспадзявана пяшчотным каверам DOVES. Для выканання яго на сцэну была запрошана прывабная скрыпачка Паліна. 
 
Вось на такой ноце прагучаў апошні, вельмі лірычны акорд вечара. Наколькі HAIR PEACE SALON душэўна пачалі канцэрт, на столькі ж JITTERS цёпла, па-сяброўску завяршылі яго, аддзячыўшы слухачоў паклонам ды усмешкамі.

Зараз хлопцы узялі невялічкі творчы адпачынак, мабыць, да вясны. Каб трохі прыйсці ў сабе ад кругазварота пры падрыхтоўцы прэзэнтацыі, ды каб напрацаваць матэрыял для новага праекту. Што гэта будзе за дзея, яны пакуль трымаюць у вялікім сакрэце.

 

У цэлым канцэрт атрымаўся вельмі цікавым і сур’ёзным, па узроўню выкананага гуртамі матэрыялу. Арганізатарам вялізарны рэспэкт за ідэальна падабраную чарговасць выступу гуртоў. Так сама парадаваў нармалёва наладжаны гук. Яшчэ было прыемна тое, што на танцпляцу было забаронена паліць, за гэтае дзякуй клюбу “ЁЁ”.

 

Comments

Latest Month

July 2011
S M T W T F S
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31